У сучасных рэаліях выкладання беларускай мовы ў ВНУ востра стаяць пытанні не толькі лінгвістычныя, але і матывацыйныя. Паколькі моўнае асяроддзе студэнтаў у большай ступені рускае, то выкладчык пры складанні стратэгіі навучання павінен вызначыць для сябе адказы на наступныя пытанні:
- якім павінна быць сучаснае якаснае выкладанне беларускай мовы ў ВНУ;
- якія веды, уменні і навыкі па роднай мове атрымае студэнт;
- якім будзе ўзровень яго моўнай і маўленчай адукацыі, выхаванасці, культурнага і маральнага развіцця.
Аднак самае галоўнае – выкладчык павінен вызначыць актуальныя мэты для вывучэння студэнтамі беларускай мовы. Такімі мэтамі могуць быць:
- як атрыманне непасрэдна прафесійных навыкаў (праца з беларускамоўнымі прафесійнымі крыніцамі, дзелавая перапіска і г.д.):
- так і агульнакультурнае і асабістае развіццё (разуменне асаблівасцей сваёй культуры, развіццё інтэлектуальнай гібкасці).
Перад студэнтамі ў сваю чаргу ставіцца задача даведацца пра:
- месца і ролю беларускай мовы ў славянскім свеце;
- канцэпцыі паходжання і этапы развіцця роднай мовы;
- сістэму лексічных, граматычных і стылістычных сродкаў беларускай мовы;
- іх камунікатыўныя крыніцы.
Студэнты павінны:
- навучыцца аналізаваць і інтэрпрэтаваць з’явы гістарычнага білінгвізму, яго прычыны і наступствы;
- ведаць моўную сітуацыю ў РБ на сучасным этапе;
- набываць навыкі і уменні эфектыўных маўленчых паводзін у розных сітуацыях прафесійных і справавых зносін [3].
Метады і прыёмы выкладання беларускай мовы
Для рэалізацыі пастаўленых мэт мы разгледзім як традыцыйныя, так і інавацыйныя метады і прыёмы. Мэтазгодна аддаваць прыярытэт выкарыстанню прыёмаў камунікатыўнага характару для замацавання ролі актыўных носьбітаў мовы.
Метад стварэння лінгваасяроддзя
Гэты метад можа выходзіць за часовыя рамкі занятку і адбывацца ў кампаніі пэўных людзей (выкладчыкаў і студэнтаў). Калі гаворка ідзе пра лінгваасяроддзе, то мова можа «пачацца» ў любы момант, а рознымі будуць і людзі навокал, і месца, і працягласць, і тэмы, і фармат зносін (так, напрыклад, песні таксама з’яўляюцца часткай асяроддзя) [1]. Задачай выкладчыка пры выкарыстанні такога метаду будзе падбор актуальных для студэнтаў тэм і медыяматэрыялаў для паглыблення ў лінгваасяроддзе.
Абмеркаванне актуальных пытанняў тэмы паміж малымі групамі ў межах канкрэтнай аўдыторыі
Гэты метад таксама патрабуе, у першую чаргу, падрыхтоўкі актуальных тэм. У адрозненні ад метаду стварэння лінгваасяроддзя, ён больш схільны да карэкціроўкі і працы над памылкамі падчас правядзення заняткаў, аднак, як правіла, заканчваецца таксама з канцом занятку.
Метад вусных і пісьмовых паведамленняў
Праз падрыхтоўку вусных і пісьмавых паведамленняў па адпаведных спецыяльных пытаннях пашыраецца і развіваецца кагнітыўная функцыя сучаснай беларускай літаратурнай мовы. Гэты метад, як і іншыя, больш эфектыўна спалучаць з актуальнай інфармацыяй паведамлення і падборам тэм з неабходнай прафесійнай лексікай.
Метад работы з тэкстамі
Ён абапіраецца на веданне спецыяльных тэкстаў на беларускай нацыянальна-дзяржаўнай мове, уменне аўтара перадаць (пераказаць) выпрацоўваюць навыкі лагічнага і дакладнага выказвання уласных думак у арыентацыі на ўзоры літаратурнай мовы.
Важным момантам працы з навуковымі тэкстамі з’яўляецца аптымальны адбор матэрыялу. Гэта звязана з тым, што яго асэнсаванне ўскладняецца многімі лінгвістычнымі фактарамі. Тэксты насычаны спецыяльнай лексікай, спецыяльнымі граматычнымі канструкцыямі, маюць складаную сінтаксічную структуру і г.д. Перш за ўсё яны павінны:
- адпавядаць мэтам і задачам навучання;
- адпавядаць інтарэсам і схільнасцям студэнтаў;
- быць звязанымі з вучэбнымі матэрыяламі па профільных дысцыплінах.
Інтэрактыўны метад
Пры ім у паслядоўным раскрыцці тэмы студэнты ідуць ад ведання да разумення, а потым і да спасціжэння глыбіннага сэнсу моўных працэсаў і з’яў. Выкладчыку, які даследаваў выбраную праблему, валодае неабходнай сістэмай доказаў і фактаў, неабходна дапамагчы навучэнцам «упарадкаваць» усю гэтую інфармацыю. Тут можна карыстацца і правядзеннем імітацыйных вучэбных гульняў, у аснове якіх ляжыць метад так званай сістэмнай дынамікі.
Метад сістэмнай дынамікі
Ён мэтазгодны пасля вызначэння ўзроўню валодання мовай усёй групай і кожным навучэнцам у прыватнасці. Паступовае ўскладненне формаў павінна ісці ад простых “пытанне-адказ” да рэфератыўных, дыскусійных, працы ў малых групах.
Метад нацыянальна-культурнага цэнтрызму
У справе пашырэння беларускай мовы мэтазгодна кіравацца прынцыпам нацыянальна-культурнага цэнтрызму. У навучанні і выхаванні ён спрыяе ўспрыманню ўласнай нацыянальнай культуры як феномена, які ацэньваецца і ўсведамляецца ў разнастайным сучасным свеце.
Індывідуальныя заданні, асабістыя кампетэнцыі
Праз беларускую мову як крыніцу інфармацыі ствараюцца магчымасці мэтанакіраванага развіцця сацыяльна-асабовых і сацыяльна-прафесійных кампетэнцый студэнтаў. Таму неад’емным кампанентам практычных заняткаў па беларускай мове ў ВНУ з’яўляюцца індывідуальныя творчыя заданні, якія садзейнічаюць выпрацоўцы лагічнага мыслення і ўмення паслядоўнага выкладу думак (напрыклад, прапануецца раскрыць змест пісьмовых крыніц па спецыяльнасці).
Метад правядзення кантрольнай работы (КР)
Гэты метад матывуе студэнтаў замацаваць атрыманыя веды ў ходзе падрыхтоўкі. Прыкладамі на КР могуць быць наступныя заданні: прачытаць тэкст і назваць словы, напісанне якіх не супадае з вымаўленнем; выпісаць словы, ў якіх націск адпавядае акцэнталагічным нормам; запісаць як мага больш сінонімаў да вылучаных слоў; выправіць памылкі ў сачыненнях іншых студэнтаў і інш. [2].
Сярод прыёмаў навучання найбольш адметнымі з’яўляюцца наступныя:
Дыдактыка-метадычныя метады
Да іх адносяцца і лагічныя прыёмы – абагульненне, супастаўленне, параўнанне, сістэматызацыя, аналіз, сінтэз і г. д.
Параўнанне і супастаўленне фактаў беларускай і рускай моў
Прадметныя, ці спецыфічныя метады
Напрыклад, розныя віды аналізу слова – фанетычны, марфемны, словаўтваральны, лексічны, арфаграфічны, марфалагічны і інш.
Метады вывучэння беларускай мовы ў ВНУ па падрыхтоўцы матэрыялу
Акрамя метадаў працы са студэнтамі, адзначым таксама метады падрыхтоўкі матэрыялу да выкладання, сярод якіх можна вылучыць наступныя:
- структураванасць у падачы матэрыялу на марфалагічным і лексічным узроўнях:
- сінанімічныя, антанімічныя і паранімічныя адносіны для больш глыбокага вывучэння семантычнай структуры;
- таблічнасць у падачы граматычнага матэрыялу, іерархічнасць у працэсе засваення варыянтных форм тых жа канчаткаў.
Апісаныя метады і прыёмы вывучэння беларускай мовы ў ВНУ не могуць быць вычарпальнымі, бо з развіццём педагогікі, зменай формаў узаемадзеяння падчас навучальнага працэсу, змены пакаленняў, змяняюцца і спосабы ўспрымання інфармацыі. Аднак прыведзеныя падыходы, метады і прыёмы прызначаны дапамагчы як студэнтам у больш арганічным і доўгатэрміновым засваенні беларускай мовы, так і выкладчыкам у пошуках творчых і эфектыўных мадэлях пабудовы заняткаў.
Спіс выкарыстаных крыніц
- Иванова, А. Язык как игра / А. Иванова, С. Лашук. – М.: Манн, Иванов и Фербер, 2020. – с.20.
- Культура маўлення: зборнік практыкаванняў / Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, Установа адукацыі «Мазырскі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт». – Мазыр : МДПУ, 2005. – 28 с.
- Пяржынская, Н. І. Прымяненне блочна-модульнай сістэмы на занятках па беларускай мове са студэнтамі негуманітарных спецыяльнасцей / Н. І. Пяржынская // Перспективы развития высшей школы: материалы II Межд. научн.-метод. конф.; редкол.: В. К. Пестис [и др.]. – Гродно: ГГАУ, 2009. – 526с.